ФОТАХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла. Паглынанне фатона з даўжынёй хвалі 200—1000 нм выклікае квантавы пераход малекулы рэчыва з асн. электроннага стану ва ўзбуджаны ці фотаіанізацыю (адшчапленне электронаў і ўтварэнне радыкалаў, іон-радыкалаў).
Малекулы ва ўзбуджаным стане больш рэакцыяздольныя, актыўна ўступаюць у хім. рэакцыі, першасныя прадукты якіх (іоны. радыкалы, ізамеры) нестабільныя і пераўтвараюцца ў канчатковыя прадукты Ф.р. у выніку звычайных тэрмічных хім. рэакцый. Тыпы Ф.р.: раскладанне (фотадысацыяцыя), замяшчэнне, ізамерызацыя, акісленне, аднаўленне, полімерызацыя, фотасінтэз і інш. Ф.р. адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (гл. Фотабіялогія). Выкарыстоўваюцца ў працэсах запісу і апрацоўкі інфармацыі (фатаграфія, фоталітаграфія), сінтэзу арган. і неарган. рэчываў (атрыманне капралактаму, вітамінаў D і інш.), сінтэзу і мадыфікацыі палімераў (фотаполімерызацыя, фотамадыфікацыя і фотадэструкцыя), у квантавай электроніцы (фотахім. лазеры, мадулятары), мікраэлектроніцы (фотарэзістары) і інш.
Т.М.Вараб’ёва.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)